Шафа вырабленая майстрам у Івенцы
На фота шафа вырабленая майстрам Перскім у сваёй майстэрні па вуліцы Пілсудскага у Івенцы, памаляваная мастаком Шыфам. Стаяла напрыканцы 30-ых гадоў у доме сям'і Шніпаў ў Яршэвічах. Фота: Алена Ачарэтняя.

Унутры нават надпіс з дадзенымі майстроў (сталяр/маляр) захаваўся - Івенец, вул. Пілсудскага, 34:
Браніслаў Уладыслаў Кроль у сваёй дыпломнай працы з 1938 г. “Szkoła jako instytucja wychowawcza w środowisku małomiasteczkowym (na tle konkretnego środowiska małomiasteczkowego - Iwieniec)", перавыданай у 2001 годзе на старонцы 33 піша так:
“Сталяроў у Івенцы есць некалькі, асабліва аднак выдатным ёсць адзін. Атрымоўваецца ў яго нават вытанчаная мэбля, таму працы мае ён вельмі шмат. Замаўляюць у яго афіцэры, урадаўцы і аколічныя двары. Апроч яго ёсць яшчэ два здольныя сталяры, каторыя аднак лепшай сталярскай работы не робяць. Гэтыя тры сталяры не мясцовыя, збеглі яны праз зялёную мяжу з Савецкай Беларусі і аселі ў Івенцы. У асноўным вырабляюць яны вокны і дзверы для новазбудаваных дамоў а таксама вырабляюць таннае і простае абсталяванне на замову. За выкананне аконнай рамы майстар атрымоўвае 15 зл. Каб выканаць гэтую працу стаіць ён пры варштаце ад ранку да вечара два дні. Лепш аплочваецца выраб шаф. Цяпер не гандлюць ужо ў Івенцы куфрамі, якія раней куплялі дзяўчынам, каб назапашвалі ў ім рэчы на выданне (wiano). Куфры зышлі з моды – іх месца заняла шафа. Шафа мусіць быць вялікай, умяшчальнай і памалявана на арэхавы колер. Вырабляе ў гэткім кшталце шафу сталяр, выстаўляе яе на гандлёвай плошчы і прадае. Такая шафа – тавар хадавы. Кошт шафы вагаецца ад 45-60 зл. Себекошт да 20 зл. Шафа ёсць вынікам цяжкай тыднёвай працы.