Івенецкія падзеі у красавіку року 1907-га

Апісаньне з 1909-га: Нядоечы наступныя клопаты ўзбаламуцілі спакой няшчаснага Івенца: у красавіку року 1907-га ўмомант разыйшлася вестка аб траґедыі івянецкай (з прычыны незаконна ўсталяванага прыдарожнага крыжу пры ростанях шляху валожынскага  на Новае Места ( «Nowe Miasto» — зарэчная частка Івенцу (заўв. пер.)) і баравікоўскага на кляштар. Ксёндз Люцыян Шчэрба названы правадырам разьюшанага натоўпу й меркавалася пасадзіць яго на лаву падсудных, але ўласна для кс. Л. Шчэрбы тая, па праўдзе кажучы, сапраўдная траґікамедыя скончылася пераводам яго з Івянцу ў Палтаву 21 траўня 1907-га.

"Krótki zarys dziejów kościołka zbudowanego na cmentarzu katolickim
w
miasteczku Iwieńcu guberni mińskiej."
Iwieniec 1909 r., http://www.iwieniec.eu/zarys/index.html

Апісаньне з 1938-га: 30 траўня 1907-га мяшканцы Івянцу ўсталявалі ля ператворанага ў царкву касьцёлу сьв. Міхала крыж — заміж старога, які быў укапаны ў року 1864-ым. Даведаўшыся аб тым прыстаў, дамагаўся пераносу крыжу з-пад царквы на іншае месца. Месьцічы загаду не выканалі. Пастановаю кіраўніка земскага, чацьвёра асобаў былі аштрафаваныя за самавольнае ўсталяваньне крыжу, а паліцыя атрымала загад дэмантаваць грозны сымбаль. Жандары выкапалі крыж і перанесьлі яго на могілкі. Іхныя дзеяньні суправаджаліся праклёнамі й лямантам з боку сабранага насельніцтва. Калі, укапаўшы крыж на могілках, жандары адыйшлі, месьцічы, бочнымі сьцяжынамі, перанесьлі крыж і ўсталявалі яго на ранейшым мейсцы, сабраўшыся пры касьцёле сьв. Міхала ў Івянцы. Засьвісталі канчукі. У бок жандараў пасыпалася каменьне. Разьюшаны становы загадаў страляць. Пад грукат стрэлаў натоўп разьбегся, пад крыжом засталася сьмяротна параненая 63-гадовая Юлія Нядзьвецкая. Пахаваньне палеглай было вельмі ўрачыстым. На труне спачыў вянок з надпісам: «Палеглай за веру — Юліі Нядзьведзкай — суайчыньнікі». Перад пахаваньнем адбылася характэрная размова начальніка павету з ксяндзом: «Ці будзе шэсьце?» «Так. Будзе.» «Гэна забаронена.» «Тады хавайце самі.» «Але не, ксёндз мяне ня так зразумеў! Прашу хаваці, толькі хай ня будзе непарадку.» «Супакойцеся, абы толькі жандары расейскія не паказваліся натоўпу на вочы, бо ад іхнае рукі палегла ахвяра.» «Ці будуць на шэсьці скарыстаныя нацыянальныя або чырвоныя сьцягі?» «Не, толькі харугвы касьцёльныя.»

7 ліпеня 1907-га ў Івянец прыехала камісыя ў складзе пракурора, сьледчага судзьдзі, начальніку павету й доктара. У канцэлярыю гміны быў выкліканы ксёндз Шчэрба. Начальнік павету кваліфікаваў справу як супраціў уладзе, чаму вінны быў ксёндз, бо мог парахвянаў паўстрымаці. Начальнік павету: «Прасілі б мы, каб надалей ксёндз, скарыстаўшыся з усяго сваяго ўплыву, паўстрымаў людзей ад далейшага супраціву. Бо могуць быць арышты, высыланьні й г.д. За падтрыманьне спакою ксёндз нясе адказнасьць маральную.» Ксёндз: «То бок, мушу пільнаваці, каб мяшканцы не пажадалі б адпомсьціць жандарам?» Начальнік павету: «Бачу, што ксёндз ня толькі не жадае супакойваць, але й сам разьдзьмувае фанатызм. Ксёндз тутака ё найбуйнейшым з фанатыкаў. Пра гэтае мушу давесьці губэрнатару, паказаўшы яму на благі ўплыў ксяндза.» Ксёндз: «Аб маем фанатычным уплыве лепш за ўсё сьведчаць гэныя мяшаныя вёскі, дзе каталікі жывуць найлепей з праваслаўнымі.» Становы: «У Кордунах бьюцца няспынна.» Ксёндз: «Дзякуючы гарэлцы. Пры самай весі ёсь карчма, дзе бойкі гэныя частыя, але ані ў якім разе не на тле веравызнаньня. Тое проста сьмешна, што пан мовіць. Я сам быў сьведкам гэнкае авантуры, праязджаўшы побач. Каменьні ляцелі над маёй галавою. Спыніўся і спыніў усё адзіным вітаньнем: „Хай будзе пахвалёны Езус Хрыстус“. Я быў у карчме. Бачыў шкло на зямлі, і пьяніцы авантурыстыя, якія ’шчэ хвіліну таму біліся, раптам ацьверазелыя, бяз розьніцы на вызнаньне, прасілі мяне, каб карчму зачыніць. „Каб гэнае карчмы не было, мы б ніколі й ня біліся“. Таму перад як пан будзе рабіць даносы, прашу пажыць у Івянцы і ў тым пераканацца…» «Датычна крыжу, — казаў начальнік павету — я знайду добрае месца для яго ў Ракаве.» Ксёндз: «Крыж ё ўласнасьцю Івянцу, і тутака-ж павінен і застацца.»

Тым ня меньш, крыж быў вывезены да Ракаву і пакладзены ў сараі становага. Смутак людзкі быў велічэзны. 

 "Szkoła jako instytucja wychowawcza w środowisku małomiasteczkowym

(na tle konkretnego środowiska małomiasteczkowego - Iwieniec)"

Praca dyplomowa kierownika szkoły w Iwieńcu Bronisława Władysława Króla
wykonana w Państwowym Instytucie Nauczycielskim w Warszawie w1938 r.

publikacja Białystok 2001 r.

Пераклаў з польскае мовы
Андрэй М.К. Мікалаеў-Пашкевіч

 

Pacyfikacja katolików w 1907 r.